Новы дырэктар Цэнтра Культыры Дзяніс ДАШКЕВІЧ: “кубачак з “Пагоняй”, невялічкі бел-чырвона-белы сцяг, а над сталом – партрэт Васіля Быкава

Новы дырэктар Цэнтра Культыры Дзяніс ДАШКЕВІЧ: “кубачак з “Пагоняй”, невялічкі бел-чырвона-белы сцяг, а над сталом – партрэт Васіля Быкава

У Рагачове Дзяніса Дашкевіча называюць “галоўным апазіцыянерам раёна”. Сярод тутэйшых ён сапраўдная знакамітасць. 32-гадовы грамадскі актывіст кажа, што такая вядомасць часам нават прыгнятае: па горадзе спакойна не пройдзеш. Праўда, апошнія чатыры месяцы Дашкевіч ўсё часцей ходзіць вуліцамі вясковымі. Пяць разоў на тыдзень ён спяшаецца за 17 кіламетраў у аграгарадок Побалава на сваю першую за 10 гадоў афіцыйную пасаду. Яе ён атрымаў пасля сустрэчы з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максімам Рыжанковым на прыёме па пытаннях “дармаедства”. Цяпер у Дашкевіча на сяле вялікія справы, там ён – дырэктар мясцовага Цэнтра культуры і адпачынку. У народзе ж – проста клуба.

“Бессовестно красивая, бессовестно влюбленная…”: у побалаўскім “дэ-ка” ідуць рэпетыцыі чарговага канцэрта. Знайсці дырэктара не цяжка. Увесь Цэнтр культуры – гэта пара кабінетаў, прыбранае фае ды актавая зала, у якой сімпатычная мясцовая зорачка распявае хіт Кацярыны Галіцынай. “Вядома, хочацца, каб ведалі не толькі “папсу” або шансон. Але прыходзяць людзі, кажуць: хочам спяваць. І падавай ім “Уладзімірскі цэнтрал” ці Стаса Міхайлава”, – крыху збянтэжана адказвае Дзяніс Дашкевіч на маё пытанне пра “спецыфічны” рэпертуар. Задаю яго не выпадкова, бо размаўляю з былым стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Дарэчы, з Дзянісам у свой час мы маглі хадзіць аднымі кансерваторскімі калідорамі. Але чаму не паступаў у Акадэмію музыкі? Бралі ж нават без экзаменаў!

“Ды не маё гэта!”, – шчыра кажа калісьці бліскучы баяніст. “Я стаміўся ад пастаяннай вучобы. Адпрацаваў размеркаванне ў брагінскай музычнай школе і з баянам завязаў”.

Дыскатэкі не будзе!

Кабінет Дзяніса Дашкевіча мала падобны да дырэктарскага. Сціплы пакойчык ён дзеліць са сваімі калегамі. Праўда, працоўнае месца Дашкевіча відаць здалёк: кубачак з “Пагоняй”, невялічкі бел-чырвона-белы сцяг, а над сталом – партрэт Васіля Быкава. Цікаўлюся, а як начальства ставіцца да такога антуражу?

– З раённай адміністрацыяй у нас нармальныя працоўныя адносіны, там добра ведаюць, якія ў мяне погляды. Па вялікім рахунку ім няма розніцы, які тут у мяне сцяг. Галоўнае – паказваць работу.

– Дзяніс, а з мінскім Дашкевічам, вас не блытаюць? Прозвішчы ж аднолькавыя!
– Ой, нядаўна тут нават вырашылі, што гэта мяне, а не яго, пасадзілі ў СІЗА. Прачыталі, што затрыманы Дашкевіч. І ўсё! Адразу ў Побалаве чуткі пайшлі: дырэктар у турме, дыскатэкі не будзе!

– Вайна вайной, а дыскатэка згодна з раскладам?

– А як вы думалі! Моладзь чакае суботы. З Рагачова і Жлобіна прыязджаюць, не толькі з суседніх вёсак. У нас нават ёсць свая “фішка” – жывая музыка. Я ж не проста вяду дыскатэку, а яшчэ і абавязкова спяваю. Народу падабаецца. Збіраем па 100–120 чалавек. Нарэшце мне дазволілі праводзіць дыскатэку не да дванаццаці, а да дзвюх гадзін ночы. Так што прыязджайце!
Дарэчы, уваход на побалаўскія танцы каштуе... адзін рубель. Здавалася б, дробязь, а план па платных паслугах выконваецца. Для інфармацыі: па фінансавых паказчыках побалаўскі Цэнтр культуры сёння першы ў раёне. На клубны рахунак ідуць і грошы ад продажу квіткоў на канцэрты.

– Народ у нас актыўны, у зале амаль заўсёды аншлагі, – тлумачыць Дашкевіч. – Напрыклад, 20 мая праводзілі справаздачны канцэрт, так было 220 гледачоў. І гэта пры тым, што ў Побалаве – усяго каля 700 чалавек. Атрымліваецца, што прыйшоў амаль кожны трэці жыхар!

Мексіканскія жарсці

Жыццё ў Побалаве сапраўды не стаіць на месцы. На вуліцах многа дзяцей, маладых матуль. Працуюць дзіцячы садок, агульнаадукацыйная школа і школа мастацтваў, у суседняй вёсцы Востраў ёсць нават Дом рамёстваў. Так што не засумуеш. Тым больш што часам у беларускім Побалаве разгараюцца сапраўдныя мексіканскія жарсці. Усё – з-за няпростых адносін паміж старшынёй сельсавета і мясцовымі жыхарамі. “Рэпартаж можна пісаць кожны дзень”, – пераконвае Дашкевіч. Дарэчы, самымі гарачымі навінамі ён дзеліцца на сваім інтэрнэт-партале “Рагачоў онлайн”. Кажуць, адыёзны сайт чытаюць нават мясцовыя ўлады.

– Дзяніс, у самых смелых сваіх марах мог уявіць, што будзеш працаваць дырэктарам Цэнтра культуры?

– Што вы! Мне спачатку ўвогуле здавалася, што я і тыдня тут не пратрымаюся. Ніхто з маіх знаёмых не верыў, што ўся гэтая авантура скончыцца чым-небудзь добрым.

– А хто тут працаваў дырэктарам раней?

– Ой, хто тут толькі не працаваў! Вось пойдзем зараз з калектывам знаёміцца, самі запытаецеся. Тут палова былых дырэктараў клуба. Нават старшыня нашага сельсавета калісьці ўзначальвала Цэнтр.

– Здаецца, яна адзіная з мясцовай улады, з кім у вас не склаліся адносіны?

– Таццяна Іванаўна са мной нават не вітаецца. Было вялікай нечаканасцю, калі ад мяне пачалі патрабаваць на ўзгадненне сцэнарыі дыскатэк. Хай бы гэта сабе рабіў аддзел ідэалогіі, а то – сельсавет... Ды што там сцэнарыі! Літаральна ў першы працоўны дзень спадарыня Антушэвіч тэлефануе мне і кажа: трэба даць людзей на фарбоўку ці то дрэў, ці то платоў. Такое пачуццё, што я прыйшоў працаваць не ў цэнтр культуры, а ў камунгас. З вялікім скандалам адваяваў сваіх супрацоўнікаў.

Насцярожана глядзелі толькі першую палову дня

Дарэчы, калектыў у Дашкевіча невялікі – шэсць чалавек. Да новага дырэктара ў клубе ставяцца па-бацькоўску. “Мы яго шкадуем, ён жа ў нас самы малодшы!”, – кажа хормайстар Любоў Навіцкая. Яна якраз з ліку тых, “былых” дырэктараў. “Сышла, таму што праца складаная. У клубе трэба быць і днём, і ноччу. А самі разумееце – дом, гаспадарка”.

Ну а для душы ў Людмілы Васільеўны – народны вакальны ансамбль “Гармонія”. Гэта, дарэчы, адзіны калектыў у побалаўскім Цэнтры культуры. У ансамблі спявае і мастацкі кіраўнік клуба Антаніна Шынкевіч. “Мы ў 2012 годзе нават у Чэхію ездзілі, на фестываль”, – расказвае Антаніна Сцяпанаўна. “У сферы культуры я працую ўсё жыццё. Праўда, канчаткова вырашыла: гэты год – апошні. Я ж даўно на пенсіі, трэба ўжо і маладым дарогу даваць”.

Дарэчы, з дысцыплінай у Дашкевіча строга. Зразумела, калі трэба, малады дырэктар і адпусціць раней, і выхадны дасць за кошт перапрацоўкі. Але ў астатнім патрабаванні да калектыву вельмі жорсткія.

– Дзяніс, што новага з’явілася ў Цэнтры за час вашай працы?

– Пачалі вучыць камп’ютарным тэхналогіям. Паказваю дзецям, як працаваць у фоташопе, расказваю, што такое графічны дызайн. Хачу адкрыць штосьці накшталт гуртка гукарэжысёра. Прыемна, што ў клуб прыходзіць вельмі шмат моладзі. Вечарам у пятніцу-суботу тут не прабіцца.

– Атрымліваецца, з мясцовым насельніцтвам знайшлі паразуменне?

– Бывае, прыходзяць людзі, пачынаюць расказваць пра свае праблемы, пра жыццё разважаць. Я заўсёды ўважліва слухаю, нават калі часу няма. Не хачу нікога пакрыўдзіць. Ды яны і самі ўсё бачаць. Калі ты па-людску, працуеш, стараешся, то гарой будуць за цябе стаяць. Неяк на дыскатэцы хтосьці спрабаваў на сцэну да мяне залезьці, дык яго адразу вывелі. Нават прасіць не трэба было.

– А першы свой дзень на пасадзе памятаеце?

– Насцярожана на мяне глядзелі толькі першую палову дня. Апазіцыю ў Побалаве не надта шануюць. Маўляў, слоў шмат, а справа не робіцца. Папракаюць, што за 20 гадоў нават паміж сабой дамовіцца не змаглі. Зноў жа такі, людзі бачаць і ўкраінскі прыклад. Нядаўна вельмі горача абмяркоўвалі блакіраванне сацыяльных сетак. Разважаюць: вось прыйдзе апазіцыя да ўлады – і ў нас таксама УКантакце забароняць.

А ў душы ён музыкант…

Дзяніс, а як так атрымалася, што 10 гадоў вас не бралі ў раёне на працу? Куды спрабавалі ўладкавацца і чаму адмаўлялі?

– Гэта даўняя гісторыя. Вы ж ведаеце, як у нас: крытыкуеш старшыню – атрымай “воўчы білет”. Аднойчы я паспрабаваў уладкавацца па спецыяльнасці. Адказ: з вашымі поглядамі вам тут няма чаго рабіць. Мусіў круціцца, працаваў тамадой, шукаў падзаробак у інтэрнэце.

– Вы казалі, што вам вельмі хацелася зразумець, што адбываецца ў дзяржустановах, як працуе гэтая сістэма. За чатыры месяцы атрымалася разабрацца?

– Самае вялікае зло – гэта план платных паслуг. Выконваць іх можна па-рознаму. Галоўнае, каб на рахунак паступалі сродкі. Так да чаго дайшлі! Ладзяць, напрыклад, паездку ў цырк. Сабралі з 20 чалавек грошы, паклалі на рахунак – вось вам і месячны план. А тое, што гэтыя рублі адразу ж пералічваюцца цырку, нікога не хвалюе. Ёсць і яшчэ адзін бок медаля. Напрыклад, у Побалаве мы за тры месяцы выканалі амаль гадавую норму па платных паслугах. Мне калега кажа: спыніся. Бо калі замест 3000 я зараблю 8000, то ў наступным годзе мне да гэтых васьмі накінуць яшчэ дзесяць працэнтаў. А не выканаю новую норму – дэпрэміруюць, будзем працаваць за голы аклад. Атрымліваецца, што людзі баяцца перавыканаць план, баяцца зарабляць жывыя грошы.

– Зараз вас часцей хвалююць пытанні адміністрацыйнага або творчага кшталту?

– З творчасцю ўсё больш-менш спакойна. А вось кадраў на вёсцы не хапае. Але дзе іх возьмеш за такую зарплату? Рамонт нядрэнна было б зрабіць, крэслы ў актавай зале памяняць. Добра, што хоць апаратура прыстойная ёсць.
А вось пры адказе на пытанне “што ў рабоце самае прыемнае” ў Дашкевічу, здаецца, упершыню за ўсю нашу размову музыкант перамагае грамадскага актывіста. “Самае любімае – выступленні і паездкі. Сцэна мне вельмі падабаецца!”

Я люблю сваю работу

– Калі не сакрэт, колькі на сяле зарабляе дырэктар Цэнтра культуры?

– Трошкі больш за 400 рублёў. Але гэта – з дадатковай нагрузкай, узяў яшчэ паўстаўкі кіраўніка ансамбля. “На паперы” працую пяць дзён на тыдзень, а ў рэальнасці – восем. Але гэта, каб вы разумелі, вельмі добры заробак. У Рагачове і 300 рублёў атрымліваць за шчасце. Людзі мусяць круціцца – у каго гаспадарка, у каго агароды.

– Многія ўспрымаюць працу на вёсцы як пакаранне, ссылку. Вам ёсць што сказаць?

– Ды не ўсё так страшна. У пасёлку нават лягчэй працаваць. Калі ты здолеў знайсці паразуменне з людзьмі, табе заўсёды пойдуць насустрач. Бывае, трэба перад канцэртам расставіць крэслы ў актавай зале. Дзесяць хвілін – і людзі ўжо ў клубе, дапамагаюць. Яны разумеюць, што робяць гэта ў першую чаргу для сябе. У горадзе так не бывае. Так што калі чалавек змог працаваць на сяле, то пацягне і “Мінск-арэну”!

– А ці ёсць у цябе сталічныя амбіцыі?

– Мне заўсёды падабаліся маленькія гарады, хоць сам я з Гомеля, там нарадзіўся і вырас. Думаю, што з сям’ёй зручней жыць у такім горадзе, як Рагачоў. У нас з жонкай кватэра, сына гадуем. Мне тут падабаецца: паветра, цішыня… Усе ўсіх ведаюць, дапамагаюць. Праўда, заробкі ў людзей зусім малыя, але жывём, стараемся.

– Дзяніс, а пра што марыш?

– Хачу, каб Побалава ведала ўся краіна, каб наш клуб працаваў да чатырох раніцы і быў самым сучасным у вобласці, каб нават боўлінг у ім быў. Дарэчы, зараз на эканамічны форум плануем адправіць праект на развіццё пасёлка. А што? Мне здаецца, няма нічога немагчымага!

– Я правільна разумею, што ў Побалаве вы плануеце затрымацца?

– Спачатку мне ўсе казалі: ты што, гэта ж аддзел ідэалогіі, куды ты сунешся! А я так лічу: калі даюць уладу – хай сабе і на вёсцы – трэба абавязкова выкарыстаць такую магчымасць. Так што калі будзе прапанова, абавязкова застануся. Я люблю сваю работу!

Аліна СТРАШКЕВІЧ. Народная Воля


Читайте также:




Свежие новости Рогачёва

20:00
В белорусских школах хотят вернуть 5-балльную систему оценки знаний
19:52
Рогачёвские школы будут работать по новому расписанию: начало занятий в 9 часов утра
19:15
Результаты опроса: 79% жителей Рогачёва получают зарплату меньше 400 рублей
18:54
Видеорепортаж: Белорусский блогер Дмитрий Омельчук проездом “дикарём” через Рогачёв
20:08
Как решить проблему с очередями и качеством обслуживания в Рогачёвской ЦРБ?
17:30
Фоторепортаж: В Заболотье прошёл 4-й фестиваль мёда
15:41
Рыбаки из Рогачева поймали 102-килограммового сома в Жлобинском районе
15:30
Под Рогачевом гадюка укусила семилетнюю россиянку
12:30
Ну что, хотите в такой СССР?
09:27
Когда в Рогачёве вырастет качество бытового обслуживания?
21:27
Опустевшие прилавки Прод-Микса и других магазинов “Альтаира’: кто стоит за крахом бывшего районного монополиста?
21:20
В Рогачёвском музее проходит первая в Беларуси контактно-игровая выставка
21:06
Фоторепортаж: Заболотье готовится провести “Фестиваль мёда”: объявлен конкурс на лучшую композицию “Яблочный спас”
20:30
Рогачёвские школьники одержали крупные спортивные победы в Болгарии и Румынии
20:00
В Рогачеве установили максимальную дальность от работы до места жительства безработного
12:16
71-летний мужчина пытался покончить жизнь самоубийством, утопившись в водоёме
Больше новостей